Як Данік і Данута ў аўтобусе ехалі
(на сцэне два крэслы побач, нібыта ў аўтобусе. Выбягаюць Данік і Данута)
Данута (адпіхвае Даніка): - Я каля вакна сяду! (садзіцца на крэсла)
Данік: - Так нячэсна! Чаму заўсёды ты каля вакна?
Данута: - Хто паспеў, той і сеў! Хто паспеў, той і сеў! (высоўвае язык)
Данік: - Добра, наступным разам пабачым, хто паспее! (плюхаецца на сядзенне. Уваходзіць старэнькая бабуля з кійком, становіцца побач з Данікам. Данута глядзіць у вакно. Данік ёрзае на сядзенні, мнецца, раз-пораз пазірае на Дануту, ўрэшце ўздыхае ды ўстае) Сядайце на маё месца, калі ласка.
Бабулька (ласкава): - Дзякуй табе, хлопчык, але не трэба. Я ўжо выхадзіць буду.
(Бабулька выходзіць. Данік, задаволены, зноў плюхаецца на сядзенне, штурхае Дануту)
Данік: - Чаму старой месца не саступіла?
Данута: - Якой старой? Я й не заўважыла. А, той, што толькі што выходзіла? Дык яна не збіралася садзіцца, гэта любому зразумела было.
(Данута адварочваецца. Заходзіць кабета з вялікімі валізамі. Данік весела падымаецца)
Данік: - Сядайце, а то ў вас торбы цяжкія!
(кабета ставіць валізы на сядзенне і застаецца стаяць побач. Данік паціскае плячыма й разводзіць рукамі. Кабета забірае валізы і сыходзіць)
Данута (здзекліва): - А торбам я таксама павінна была месца саступіць?
Данік (злосна): - А ногі не адваліліся б!
(Данута зноў адварочваецца да вакна. Уваходзіць хлопец на мыліцах, становіцца каля Даніка. Той глядзіць на Дануту, потым уздыхае, падымаецца)
Данік: - Сядай, дружа. (хлопец моўчкі садзіцца, трохі сядзіць, потым моўчкі выходзіць) Нават не падзякаваў… (садзіцца, штурхае Дануту) Чаму ты яму месца не саступіла?
Данута: - А як бы ён сюды пралез са сваімі мыліцамі? Яму на тваім месцы зручней! (на сцэну ўваходзіць настаўніца, Данута адразу выбіраецца са свайго крэсла)Пусці мяне! Сядайце, Таццяна Васільеўна!
Данік (абурана): - Так нячэсна! Ты толькі тым месца саступаеш, хто цябе пахваліць! Таццяна Васільеўна, сядайце лепей на маё месца!
Таццяна Васільеўна: - Дзякуй, Данік. (садзіцца на Данікава месца)
Данута (пакрыўджана): - І чым гэта маё месца горшае? Яно ж каля вакна!
Таццяна Васільеўна: - Месца тваё добрае, але мне прапанова Даніка болей спадабалася. Бо Данік не толькі мне месца саступае. Ён шануе старых і шкадуе слабейшых. Малайчына, Данік. А табе, Данута, трэба добра падумаць.
(Настаўніца выходзіць. Дзеці садзяцца)
Данута (задумліва): - Я зразумела. Трэба быць уважлівым да ўсіх людзей. І не чакаць абавязкова, што цябе пахваляць. Калі побач з табой стары чалавек ці хворы, трэба яму дапамагчы.
Данік: - А вы, рабяты, уважліва ставіцеся да людзей, што побач з вамі?
Алена Церашкова
</article>ПРЫГОДЫ ЧОРНАГА, ШЭРАГА І БЕЛАГА
Дзейныя асобы: мама-котка, шэрае кацяня, белае кацяня, чорнае кацяня, мыш, жабка, рыба.
Мама-котка збіраецца ў госці. Старанна мыецца перад люстэркам.
Ш.К. (выбягае з кулісы)
- Мяў, матуля, ты куды?
М.К. - У госці я, гады ў рады.
Б.К.(выбягае з кулісы, за ім Ч.К.)
- Мяў, матулечка, нядзеля!
Ч.К. – Мы гуляць пайсці хацелі!
М.К. (гладзіць кацянятаў, тыя лашчацца)
- Буду хутка, абяцаю. Вось тады і пагуляем! Вы тут без мяне цішэй, не палохайце мышэй!
(сыходзіць,з кулісы выкатваецца клубок. Кацяняты пачынаюць з ім гуляцца. З іншай кулісы крадком выходзіць Мыш.)
Мыш: - Мама-котка выйшла з хаты. Дома толькі кацяняты. Хай дурэюць, хай гуляюць. Я пад’есці пашукаю.
Б.К. – Вой, глядзіце!
Ш.К. – Гэй, лавіце!
Ч.К. – Даганяйце!
Мыш – Не чапайце!
(Кругамі бегаюць па сцэне. З кулісы высоўваюць скрыню з мукой, нарэшце мыш ускоквае ў скрыню з мукой, за ім кацяняты. Кацяняты за сцэнай крычаць “Трымай, шукай, не выпускай!” Выходзяць у белых накідках.)
Б.К. – Не злавілі.
Ш.К. – Упусцілі.
Ч.К. – Перапэцкаліся ўсе!
(хорам) – Нам ад мамы пападзе!
(Сыходзяць са сцэны. Выскоквае Жабка.)
Жаб – Квах, які цудоўны дзень! Ква-а, а хто гэта ідзе?
(На сцэну выходзяць цугам кацяняты. Жабка па кроку адступае, кацяняты наступаюць. Так праходзяць кола. З кулісы высоўваюць чорны комін.)
Жаб – Ква-а-пабачэння!
(жабка лезе ў комін. Кацяняты на момант спыняюцца перад комінам, зазіраюць туды.)
Б.К. – Перапэцкаемся зноў!
Ш.К. – Можа, лепш пайсці дамоў?
Ч.К. – Ды лезце хутчэй, бо жабка ўцячэ!
(Па адным кацяняты лезуць у комін. З кулісы выскоквае Жабка ў чорным.)
Жаб – Ква-ха-ха, ква-ха-ха! Поўзаюць, шукаюць! А як вылезуць – сябе самі не пазнаюць!
(Жабка скача праз сцэну, з апошнім “ква-ха-ха” знікае ў кулісе. Па адным выходзяць кацяняты ў чорным, аглядаюць сябе, уздыхаюць.)
Б.К. – Не злавілі.
Ш.К. – Упусцілі.
Ч.К. – Перапэцкаліся ўсе!
(хорам) – Нам ад мамы пападзе!
(З кулісы выходзіць рыба, выносіць перад сабой “сажалку” з чаротам абапал.)
Б.К. – Вой, глядзіце!
Ш.К. – Гэй, лавіце!
Ч.К. – Даганяйце!
(Рыба хаваецца ў сажалку, туды ж скачуць кацяняты. Пэўны час выскокваюць з вады па чарзе галовы, адфыркваюцца, пытаюцца “дзе рыба?” , за гэты час скідаюць чорныя хламіды, вылазяць па адным.)
Б.К. – Не злавілі.
Ш.К. – Упусцілі.
Ч.К. – І да ніткі змоклі ўсе!
(хорам) – Нам ад мамы пападзе!
(Ідуць, панурыўшыся, колам па сцэне. Сажалка знікае, выкатваецца клубок. Кацяняты садзяцца вакол клубка на падлогу, кладуцца , пазяхаюць і засынаюць.)
М.К. (выходзіць на сцэну, аглядае кацянятаў)
- Дзеці, мы ідзем гуляць!
К.К. (хорам, прыўзняўшыся з падлогі):
- Мяў, матуля, дай паспаць!
КАНЕЦ
Як Данік і Данута ў доктара гуляліся
(На сцэне Данута з лялькай. На століку – блісцеры з таблеткамі, слоічкі з кроплямі, стэтаскоп, лыжка, шпрыц )
Данута (садзіць ляльку на крэсла): — Адкрыйце рот, шаноўная… А-а-а… Даражэнькая, ды ў вас горла чырвонае! Гэта, мусіць, ангіна! Не трэба было есці пяць порцый марозіва за раз! Прапісваю вам горкія таблеткі! (бярэ блісцер, дастае таблетку, пхне ляльцы ў рот, кідае на падлогу, уздыхае) Нецікава!
(уваходзіць Данік)
Данік: — Данутка, што ты робіш?
Данута: — Хацела ў доктара пагуляцца, але з лялькамі нецікава: яны таблетак не глытаюць.
Данік: — З катом пагуляйся!
Данута: — Спрабавала! Во як падрапаў! (паказвае рукі) Данік! Давай я цябе буду лячыць!
Данік (паціскае плячыма): — Дык у мяне нічога не баліць! Я здаровы!
Данута: — Ну Данічак, ну калі ласачка!
Данік: — Ну, добра, добра! Лячы!
Данута: — Сядайце, шаноўны, я вас паслухаю! (прыстаўляе стэтаскоп) Дыхайце… не дыхайце… У вас моцныя хрыпы! Я вам прапісваю сіроп!
Данік: — Салодкі? Тады давай! А то я горкія таблеткі не люблю! (Данута налівае ў лыжку са слоіка) Больш лі, не шкадуй! Давай! (выпівае) Смачна! Давай яшчэ!
Данута: — Вы такі добры пацыент, вось вам яшчэ таблеткі! (дастае некалькі таблетак)
Данік: — Вой, Данутка! А мама ж казала, што самім нельга браць таблеткі!
Данута: — Я доктарка, ты павінен мяне слухацца! Хуценька глынай! Гэта вітаміны!
Данік: — Ну, калі вітаміны… (кладзе таблеткі ў рот, крывіцца, адварочваецца, хуценька выплёўвае таблеткі ў руку, сціскае кулак) Добра, я ўжо здаровы. Пайду з пацанамі ў футбол пагуляю!
Данута: — Пачакайце, шаноўны! Я зраблю вам прышчэпку! (бярэ шпрыц)
Данік: — Не трэба! Я не хачу!
Данута: — Трэба! Я доктарка, я ведаю!
(уваходзіць Марына)
Марына (строга): — Што за спрэчка?
Данута: — Марына! Скажы яму!
Марына: — Што сказаць?
Данута: — Скажы, каб мяне слухаўся! А то ён прышчэпку рабіць не хоча!
Данік (злосна): — Прышчэпку не буду! Хопіць, што сіроп піў ды таблеткі глынаў!
Марына (занепакоена): — Што за сіроп? Якія таблеткі?
Данік (маша рукой): — Не ведаю. У Дануты спытай. Яна ж доктарка!
Данута: — Той сіроп, што мама ад кашля дае! А таблеткі замест вітамінаў… Бо мама казала, што вітаміны скончыліся…
Марына (разглядае блісцеры): — І ты, Данік, шмат гэтых таблетак з’еў?
Данік: — Штук пяць, можа, шэсць… А што?
Марына (бярэ Даніка за руку): — Тады апранайся, паедзеш у лякарню. Зараз “хуткую дапамогу” паклічам…
Данік (вырывае руку): — Дык я ж здаровы!
Марына: — Трэба прамыць табе страўнік, каб вымыць таблеткі, інакш ты можаш атруціцца і памерці!
Данік (спалохана): — Вой, нешта мне сапраўды кепска… галава кружыцца ды жывот баліць…
Данута (спалохана): — Данічак! А ты ўжо іх праглынуў? Можа, яшчэ выплюнеш?
Данік (узгадвае): — Зусім забыўся! (расціскае кулак, паказвае таблеткі) Марына, яны ўсе тут! Я адразу ж выплюнуў, бо яны надта ж горкія! Можа, не трэба ў лякарню, а? Мне ўжо лепей!
Марына (уздыхае з палёгкай): — Добра, што ты не стаў глытаць таблеткі. Але вы павінны запомніць на ўсё жыццё: нельга ўжываць лекі проста так! Лекі дзецям прызначае доктар, а дае нехта з дарослых! Ні сіропы, ні таблеткі, ні нават вітаміны дзеці самі браць не павінны! Дарэчы, калі зрабіць укол ці прышчэпку няправільна, Данута, таксама можна захварэць! Зразумелі?
Данута: — Зразумелі. Я больш не буду лекі браць. А калі вырасту, стану доктарам!
Данік: — І я таксама!
Марына (дастае некалькі яблыкаў): — Малайцы! А зараз, каб ніхто з вас не хварэў, будзем есці вітаміны. Прыродныя!
Данік і Данута (разам): — Дзякуй табе, Марына!
Марына: — На здароўе! А хочаце, мы разам пагуляем у доктара? Толькі замест таблетак возьмем цукеркі!
Данік і Данута (разам): — Ура!
Алена Церашкова
Як Данік і Данута падарункі рыхтавалі
Марына: — Данік! Данута! Хадзіце сюды, размова ёсць!
Данік (незадаволена): — Чаго табе, Марынка? Мы ў хованкі гуляемся, а ты замінаеш!
Данута: — Кажы хутчэй, што трэба! У нас часу няма!
Марына: — Вы памятаеце, што хутка Новы год?
Данік і Данута (хорам): — Памятаем!
Данута (пакрыўджана): — Гэта мама не памятае! Я ёй кожны дзень нагадваю: трэба замовіць Дзеду Марозу новую ляльку, каб сама хадзіла ды размаўляла! А мама ўсё забываецца!
Данік (паблажліва): — Вось дурное дзяўчо! Верыць у Дзеда Мароза! Падарункі нам купляюць бацькі! Я вось тату так і сказаў: падары мне ровар, як у Петруся! І падзорную трубу!
Марына (задуменна): — Кажаш, дзеда Мароза няма?
Данік (пераканана): — Няма!
Марына: — Дзіўна, а хто ж мне тады гэтую паштоўку даслаў? (паказвае навагоднюю паштоўку)
Данута (падскокваючы): — Марыначка, пачытай!
Марына (урачыста): — Дарагія дзеці! Данута і Данік! Я захварэў, і магу не паспець павіншаваць усіх асабіста. Я прашу вашай дапамогі! Павіншуйце, калі ласка, тату, маму і бабулю з Новым годам! Дзякуй за дапамогу, ваш Дзед Мароз!
Данік (са шкадаваннем): — Эх, не будзе ў мяне ровара…
Данута (спалохана): — Вой, Марынка, а калі Дзед Мароз зусім не паправіцца?..
Марына (упэўнена): — Абавязкова паправіцца! Яму толькі трэба як след адпачыць! Але хто ж тады ўсіх павіншуе…
Данік і Данута (разам): — Мы павіншуем! Мы справімся!
Марына: — Вось і добра! Падумайце пакуль, потым мне распавядзеце!(сыходзіць)
Данута: — Я ведаю, што я маме падару! Яна мне год таму ляльку падарыла. А лялька гэтая мне зусім не падабаецца! Вось і падару назад!
Данік: — А я тату падару свае старыя канькі! Мне яны усё роўна малыя!
Данута: — А што бабулі падарыць?
Данік: — Можа, кніжку пра калабка?
Данута: — Я гэтую кніжку сама люблю! Лепей твой футбольны мяч!
Данік: — А чым я гуляцца буду? (з’яўляецца Марына)
Марына: — Ну што, прыдумалі?
Данік: — Тату і маме прыдумалі, а бабулі — не.
Данута: — Таму што і кніжка, і мяч футбольны нам самім трэба!
Марына (здзіўлена): — Бабулі? Футбольны мяч? А, зразумела! Дык вы лічыце, што падарунак — гэта тое, што самім больш не трэба, так?
Данік і Данута (разам): — Так!
Марына: — Данік, што табе бабуля падарыла на дзень народзінаў?
Данік: — Шахматы! Такія прыгожыя — у двары ні ў каго такіх няма!
Марына: — А табе, Данута?
Данута: — Новы посуд для лялек!
Марына: — Вы былі рады падарункам, так?
Данік і Данута (разам): — Так!
Марына: -А ці ўзрадуецца бабуля, калі ей падарыць стары мяч?
Данік і Данута (разам): — Не…
Данута (капрызна): — А адкуль нам ведаць, што бабулі хочацца на Новы год?
Данік (сур’езна): — А я ведаю! Бабуля пруткі для вязання згубіла. А ў мяне кавалак дроту есць, я зраблю ёй новыя пруткі! І вушкі на іх загну, каб петлі не збягалі!
Марына: — Малайчына, Данік! А што вы вырашылі дарыць тату і маме?
Данік (няўпэўнена): — Ну… мы… хацелі… Марына, а можна, мы яшчэ падумаем?
Данута: — Мы ўсё зразумелі! Падарункі павінны прыносіць радасць і карысць! Нельга дарыць тое, што самому не трэба! І дарыць назад тое, што табе падарылі, непрыгожа, мне мама казала…
(Разбягаюцца. Потым выходзіць Марына)
Марына: — Данік, Данута! Вам паштоўка ад Дзеда Мароза! (з’яўляюцца Данік і Данута)
Данік (нецярпліва): — Чытай хутчэй!
Марына: “Дзякуй вам, мае памочнікі! Тата, мама і бабуля вельмі ўзрадаваліся вашым падарункам. Пад елкай вас чакаюць лялька і падзорная труба! А ровар падару ўвесну, бо зараз ляжыць снег! Ваш Дзед Мароз.
Данік і Данута (разам): — Ура!
Данута: — Марынка! А мы ведаем яшчэ аднаго памочніка Дзеда Мароза! Гэта ты!
Марына: — Кожны чалавек пад Новы год можа стаць памочнікам Дзеда Мароза. І тады ўсім будзе весела!
А вы, сябры, дапамагаеце Дзеду Марозу?
Алена Церашкова